Грузія: акцыі да „Ночы расстраляных паэтаў”
2023-10-26 16:23
Беларусы, што жывуць у Грузіі, рыхтуюцца да акцыі „Ноч расстраляных паэтаў”. Акцыі адбудуцца ў Батумі і Тбілісі. У Батумі акцыя адбудзецца 28 кастрычніка а 20:30 у парку 6 Траўня (праз дарогу ад Аджарскага дому пісьменнікаў).
Кажа наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:
– Беларусы Батумі правядуць акцыю на „Ноч расстраляных паэтаў”. Падчас акцыі згадаюць імёны рэпрэсаваных. Таксама прачытаюць вершы паэтаў, якія былі забітыя. Беларусы паставяць знічы да партрэтаў творцаў, якія былі рэпрэсаваныя ў 30-я гады 20-га стагоддзя.
Акцыю „Ноч расстраляных паэтаў” будуць ладзіць таксама і беларусы Тбілісі:
– У Тбілісі „Ноч расстраляных паэтаў” пройдзе ў музеі грузінскай літаратуры імя Леанідзэ. Гэта будзе вечар памяці паэтаў. Будзе згадана творчасць закатаваных культурных дзеячаў. Таксама будзе прадстаўлена выстава калажаў.
Дырэктар музею Лаша Бакрадзэ распавядзе пра рэпрэсаваных грузінскіх паэтаў.
Пачатак акцыі 28 кастрычніка а 18-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя