Лекцыя Хадановіча пра лёс і маўчанне Яўгеніі Пфляўмбаўм
2024-08-11 13:54
Паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч у новым відэа на сваім аўтарскім YouTube-канале расказвае пра адну з самых загадкавых постацяў беларускай літаратуры — паэтку Яўгенію Пфляўмбаўм. Пакручасты лёс, адданае каханне, 60-гадовае маўчанне і трыумфальнае вяртанне ў беларускую літаратуру, якое працягваецца і сёння, дзякуючы выданню зборніка ейнай выбранай паэзіі “Сонца”.
чаму Пфляўмбаўм і іншыя беларускія паэткі з “Маладняку” раптам разам замоўклі;
адкуль у беларускай паэткі прозвішча Пфляўмбаўм;
чаму сучасная жаночая выдавецкая ініцыятыва мае назву “Пфляўмбаўм” і да чаго тут Святлана Алексіевіч;
лёсавызначальнае знаёмства з Максімам Лужаніным: вяселле, пяшчотныя лісты, “Хочацца ў Сібір” і здрада;
савецкі літаратар і паэтка, якая маўчыць — розныя творчыя шляхі Лужаніна і Пфляўмбаўм;
як Куляшоў выратаваў ад спалення вершы аўтаркі;
хто стаў хросным бацькам вяртання паэзіі Пфляўмбаўм;
чаму кніга “Сонца”, выдадзеная ў мінулым годзе, такая важная для захавання спадчыны паэткі.
Некаторыя тэзісы з відэа:
Пасля вайны Пфляўмбаўм і Лужанін разам вернуцца ў Менск, дзе паэтка будзе жыць, знаходзячыся як бы ў цені свайго мужа, у якога кар’ера пойдзе ў рост, які таксама зробіць свой выбар, але ў іншы бок. Максім Лужанін будзе верай і праўдай служыць савецкім пісьменнікам, рэдактарам, які не будзе прапускаць у друк крамолу ў творчасці іншых, ідэолагам, шматгадовым сакратаром Якуба Коласа, ардэнаносцам, аўтарам шматтомнага збору твораў. Карацей, апынецца на самай вяршыні беларускай савецкай літаратуры з націскам на слове “савецкая”. Яўгенія Пфляўмбаўм усе гэтыя гады будзе маўчаць. Першая кніга ейных вершаў “Сувой жыцця” з’явіцца толькі ў 1989 годзе —
праз 64 гады пасля першага калектыўнага зборніка. Паэтцы-дэбютанцы — 82 гады.
Вядомы факт, што Пфляўмбаўм рабіла пераклады з розных моваў, і гэтыя пераклады па-беларуску друкаваліся, але не пад ейным іменем, а пад іменем Максіма Лужаніна. Паэтка доўгі час не пускала мужа ў ейны лірычны свет і толькі пасля ўмяшальніцтва Аркадзя Куляшова пагадзілася на публікацыю вершаў.
“Як на мяне, найважнейшая прычына творчага маўчання Пфляўмбаўм — выбар свабоды, выбар гульні на сваіх умовах. Яўгенія Пфляўмбаўм не хацела ўдзельнічаць у той ганьбе творцаў, да чаго схіляў сталінізм, абавязковы соцрэалізм, ура-аптымізм, патрабаванне ад літаратуры агітацыйнасці — усё гэта было не для паэткі. Калі з’явіліся час і энергія для пісання, але не зрабілася менш горка, маўчанне ўжо было ейным свядомым выбарам”, — мяркуе Андрэй Хадановіч.