- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прысніўся сон пра матулю. Мы пра нешта гаварылі, і я радавалася, што яна жывая. Мама збіралася на працу ў школу, доўга выбірала сукенку. У жыцці такога не было: яна апраналася хутка, з густам, але галоўнае, каб было зручна. Не памятаю, ці гаварылі мы калі-небудзь пра моду? У матулі былі цудоўныя югаслаўскія боты з натуральнай скуры, якія яна вельмі рэдка абувала. Час ад часу даставала са скрынкі, змазвала вазелінам, падкладала ў халявы свежага нафталіну, каб моль не завялася, і хавала зноў у шафу... Аднойчы, калі я збіралася на школьны вечар, мама сказала: «Абувай, Іна, мае боты, яны табе больш пасуюць... Бяры назаўсёды, насі... ты ж маладая...» А самой тады было ўсяго 45 гадоў… Былі ў мамы і ўлюбёныя сукенкі, асабліва адна – бардовая з фігурным выразам на шыі, якую апранала толькі на вялікія святы. У гэтай сукенцы яна была на маім вяселлі, у ёй матулю і пахавалі... (фрагмент)