- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Верасень шчодра сыпаў на Рубежаўскі вымал чырвонае i жоўтае лісце клёнаў, i стары дзед Вяхір, сапучы i кашляючы, з раніцы мёў палыновым венікам ужо пашчэрбленыя часам магутныя дубовыя дошкі. На аслізлым кляновым лісце мог паслізнуцца i зламаць нагу які важны замежны купец ca струга, а тады, як пазалетась, мог прыйсці з Друцка загад ад князя — біць палкамі вінаватых. У Рубяжы стругі спыняліся нячаста — адпачыць, набраць салодкай калодзежнай вады перад астатняй дарогай — да Друці альбо да Полацака. Бывала, што высаджвалі хворага — каб пасля, на зваротнай дарозе, зноў забраць яго, ужо трохі акрыялага. Такі смуглявы аж да чарнаты грабец у цёплым, хусткай падпаясаным халаце, у паласатых бліскучых портках i з галавой, абвязанай каляровай анучкай, ажно месяц ляжаў у хаце дзеда Вяхіра, i той паіў яго дзівасілам i зверабоем. I паставіў на ногі. (фрагмент)