- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
9 лістапада ў парафіі святога Казіміра ў Лепелі ўшанавалі святога Губерта, апекуна паляўнічых і леснікоў. З гэтай нагоды па запрашэнні душпастыра Лепельскай парафіі ксяндза Уладзіміра Заянчкоўскага цэлебрацыю святой Імшы ў мясцовым касцёле ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі. Звяртаючыся да сабраных у святыні, іерарх заахвоціў берагчы прыроду - прыгожы дар Бога Стварыцеля, і пажадаў, каб любоў да радзімы была творчай. Як паведамляецца на сайце парафіі святога Казіміра ў Лепелі, у гэты дзень у святыню быў урачыста ўнесены адмысловы абраз святога Губерта, дастаўлены з Пінскай дыяцэзіі. Абраз нябеснага апекуна паляўнічых і леснікоў будзе знаходзіцца ў Лепельскай парафіі цэлы год. Акрамя таго, касцёле ёсць і свой абраз святога Губерта, які раней таксама дабраславіў арцыбіскуп Станеўскі. Вітаючы сабраных у святыні, ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі адзначыў, што святая Імша цэлебруецца ў інтэнцыі паляўнічых, у якіх ёсць свой апякун. Людзей у камуфляжным адзенні паляўнічых на патранальнае свята сабраўся цэлы касцёл. Напрыканцы літургіі арцыбіскуп Станеўскі дабраславіў паляўнічых з сабакамі і коньмі, а таксама ўсіх удзельнікаў набажэнства.