Нястрачаная спадчына: да 90-годдзя з дня нараджэння Арсеня Ліса
2024-02-04 21:31
У зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася юбілейная кніжная выстаўка “Нястрачаная спадчына”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага фалькларыста, літаратуразнаўца і краязнаўца Арсеня Сяргеевіча Ліса (1934–2018).
Імя доктара філалагічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Арсеня Ліса зараз вядома далёка за межамі нашай краіны. Творчы здабытак Арсеня Сяргеевіча – важкі ўклад у захаванне і папулярызацыю каштоўных ведаў пра нацыянальную культуру, гісторыю і традыцыі беларускага народа.
Арсень Ліс – фалькларыст, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, гісторык беларускай дзяржаўнасці, гісторык беларускай літаратуры і культуры, мастацтвазнаўца, краязнаўца, этнограф, паэт, кінасцэнарыст, рэдактара, мемуарыст ды інш. Галоўным аб’ектам навуковага пошуку даследчыка стала беларуская песня.
У першым раздзеле выстаўкі “Дарогай пошукаў” прадстаўлены зборнікі “Беларускія народныя песні”, “Жніўныя песні”, “Восеньскія і талочныя песні”, “Максім Гарэцкі: успаміны, артыкулы, дакументы”, “Купальскія і пятроўскія песні”, зборнік твораў Б. Тарашкевіча “Выбранае: крытыка, публіцыстыка, пераклады”. Наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца і з фальклорнымі запісамі.
Другі раздзел выстаўкі “Грані таленту Арсеня Ліса” прадстаўляе публікацыі, змешчаныя ў энцыклапедычных выданнях, артыкулы аб жыцці і творчасці юбіляра. Пра яго пісалі С. Чыгрын, А. Вашкевіч, Э. Іофе, В. Шніп ды інш.
Выстаўка "Нястрачаная спадчына” будзе працаваць да 10 сакавіка.