- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На тратуары цені ад дамоў, таму ідзеш, як па веліканскай шахматнай дошцы, з цёмнага квадрата ў светлы, ды яшчэ стараешся не наступіць на хвост голубу, які ўпарта бяжыць паперадзе, абмінаючы расчаўленыя ржава-аранжавыя рабінавыя ягады. Самі дрэўцы, некалі падрэзаныя і цяпер карлікавыя, з куксамі замест вершалін, растуць на газоне за метр ад праезджай часткі, і пад імі то нагінаецца ракам, то прысядае ў траве на кукішкі мужчына з цэлафанавым пакетам і засяроджана чыркае нешта сцізорыкам. Чародка школьнікаў перабегла вуліцу; у аднаго загіпсаваная па самыя пальцы правая рука — вісіць, падвязаная да шыі (як ён будзе пісаць? а мо ляўша?). Тарахцяць па тратуары газонакасілкі, штук шэсць цугам; у прычэпах флегматычныя касцы ў салатавых зелянбудаўскіх камізэльках, і малы гадоў чатырох застыў і не зводзіць з працэсіі круглых ад захаплення вачэй. «Мама, што гэта?!» — «Драндулеткі, — адказвае маці: — Хадзем», — але сын не можа адарвацца ад машынак і па складах паўтарае, укладваючы ў новае слова іншы, чым маці, сэнс: «Дран-ду-лет-кі», — у яго гучыць рамантычна, амаль як музыка. (фрагмент)