У гэтую нядзелю як найменей у 12 краінах сьвету пройдуць імпрэзы да «Ночы паэтаў» — адной з самых трагічных датаў беларускай гісторыі. Тады за адну ноч расстралялі больш за 100 беларускіх інтэлігентаў, дзяржаўных, культурных дзеячоў і навукоўцаў. Пра тыя падзеі і паралелі з сучаснай Беларусьсю расказвае паэт, сябра рады Беларускага ПЭНу Андрэй Хадановіч.
Глядзіце размову на відэа цалкам.
Тут фрагмэнты размовы
Ад падзеяў у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў нас дагэтуль дыбарам устаюць валасы, калі мы ўсьведамляем маштаб страты, памер зьверстваў і цынізму. Але мы разумеем, што злачынствы супраць беларускай эліты былі толькі фрагмэнтам злачынстваў супраць нацыянальных элітаў у СССР.
Акрамя масавых расстрэлаў, усе іншыя рэпрэсіі, якія практыкаваліся ў сталінскія часы, ужо прымяняюцца год за годам супраць беларусаў. Нашую культуру атакуюць на вынішчэньне. Беларусь «зачышчаюць» ад парасткаў свабоды, нязгоды і самастойнага мысьленьня.
Часам мне здаецца, што ваююць ня проста зь незалежнымі свабоднымі людзьмі, а ваююць яшчэ і таму, што мы — беларусы. Фактар беларускай мовы робіць нас больш выразнай мішэньню для карных органаў.
Змагацца з гэтым можна, не даючы зьнішчыць памяць, на што вельмі разьлічвае «русский мир» і яго марыянэткавыя халуі — незаконны рэжым у Беларусі. Мы павінны разумець небясьпеку калянізацыі, каб нас больш ніколі не падманвалі славянафільскай рыторыкай пра «братэрства», за якой стаіць цынічная імпэрская стратэгія. Вучымся шанаваць сваё, і пішам сваё таксама ў памяць тых зьнішчаных пакаленьняў.
Ёсьць моцныя сілы, якія хочуць нашай разьяднанасьці. Мы мусім усьведамляць, што пры ўсіх рэінкарнацыях «жалезнай заслоны» мы ў сьвеце інтэрнэту, аўдыёкніг, відэа. Мы множым сваю культурную прысутнасьць паўсюль, дзе мы ёсьць.
Варта дзейнічаць, маючы на ўвазе пэрспэктыву вяртаньня. Каб не было балюча ад фізычна закрэсьленых гадоў потым, калі, безумоўна, усё скончыцца перамогай. Каб казаць, што ў гэты год былі напісаныя і перакладзеныя такія кніжкі, былі пастаўленыя такія спэктаклі, як у Лёндане цудоўная опэра Вольгі Падгайскай па «Дзікім паляваньні караля Стаха», у якой мне пашчасьціла ўдзельнічаць як лібрэтысту.
Пасьля 2020 году я стаў пісаць крыху інакш. Ува мне паменела пэўнай гарэзьлівасьці. Можа, сама эпоха постмадэрнізму вычарпалася, як ляснулася старая добрая ілюзія Фукуямы пра «канец гісторыі». Мы мусім сталець і разьвітвацца зь дзіцячымі ілюзіямі — часам гэта балюча. Але ў нечым самым істотным літаратура не зьмянілася.
У мяне адчуваньне, што мы апынуліся ў сытуацыі той, здавалася б, паразы польскай «Салідарнасьці» на пачатку 1980-х. Тады не было хуткага плёну, але рэвалюцыі адбываліся ў кожнай галаве сьвядомага паляка, і ўсё грамадзтва дасьпявала да зьменаў.
Старэйшыя польскія калегі, зь якімі мы сутыкаемся, разумеюць і не дакараюць нас, як іншыя суседзі, нашаю паразай. Мне здаецца, што польскі досьвед павольнага шляху да перамогі ня дасьць нам магчымасьці абясцэніць наш уласны досьвед 2020-га. Нічога з таго, што адбылося з намі, не было марным. Гэта як паход з запушчаным зубам да стаматоляга. Рваць па жывому вельмі балюча, але бяз гэтага досьведу было б яшчэ горай.