- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У тыя нялюдзкія дзесяцігоддзі Коласаўская «Новая зямля» ўспрымалася, дастасуючы словы іншага беларускага класіка пра ўласную творчасць, як «пераможны гімн сярод крыжоў, магіл» (Янка Купала). Сярод родных крыжоў і пустых магіл. Успрымалася, нібы біблейная кніга першымі хрысціянамі з выразным «поглядам на Сусвет як на жывы твор Бога» (Уладзімір Конан). Аднак кожная рэлігія прагрэсу, камуністычная ў тым ліку, неміласэрная да мінулага. У XX стагоддзі па нараджэнні Хрыстовым цэнтурыёны «чырвонай імперыі» імкнуліся вытруціць нанет не толькі дух — веру продкаў, але паняволіць іх нашчадкаў фізічна, зганяючы падданых у калгасныя камуны. У «неабсяжнай і самай шчасьлівай» краіне СССР абясцэньвалася боскае прызначэнне чалавечага жыцця. А што казаць пра гаспадаранне на ўласным загоне?! Бо ўжо ні палеткі над распалавіненай Рыжскай дамовай (1921) нашай хатняй рэчкай Нёман («Чуў ты смутак горкай долі // Свайго сына-мужыка, // Чуў не раз у пустым полі // Плач і слёзы бедака»), ні, па вялікаму рахунку, сама беларуская культура, як і дзесяткі іншых, не патрэбны былі ў постраманаўскай імперыі: 1/6 частка планеты Зямля, трэцяй па ліку ўдалечыні ад Сонца, круцілася вакол уласнай восі маркса-леніна-сталіна, пракладаючы жахлівы камуністычны троп у Галактыцы зямлян.