Бэстсэлеры, клясыка і фотаальбом 1928 году. Расказваем пра самыя цікавыя беларускія выданьні 2024-га
2024-12-25 16:44
Усясьветныя бэстсэлеры, беларуская клясыка, фотаальбом з экспэдыцыі 1928 году, слоўнікі, кулінарная кніга, кранальныя вершы, новы літаратурна-мастацкі альманах — у беларускіх выдавецтвах сёлета выйшла каля сотні новых кніг. Расказваем пра некаторыя зь іх.
Нягледзячы на складанасьці, беларускія выдавецтвы працягваюць працу за мяжой і ўнутры краіны. Як расказалі Свабодзе выдаўцы, сёлета выйшла каля сотні новых кніг на беларускай мове. Пагутарылі з экспэртамі і папрасілі іх назваць «самыя-самыя».
«Вяртаньне караля» Толкіна
Кароль вяртаецца, і гэтым разам ён гаворыць па-беларуску. 20 сьнежня 2024 году стартаваў продаж «Вяртаньня караля» — заключнай кнігі з трылёгіі «Ўладар пярсьцёнкаў» Джона Толкіна. Першыя дзьве — «Брацтва пярсьцёнка» і «Дзьве вежы» — выйшлі, адпаведна, у сьнежні 2023 і ў жніўні 2024 году.
Гэта першае ліцэнзаванае беларускае выданьне самага славутага твора ў жанры фэнтэзі, пераклад Ігара Кулікова.
«Цёмны Валадар паўстаў, і пакуль ён насылае орды оркаў, каб заваяваць усё Серадзем’е, Фрода і Сэм змагаюцца ў глыбіні яго гаспадарства ў Мордары. Каб перамагчы Саўрана, Адзіны Пярсьцёнак мусіць быць зьнішчаны ў агні Гары Кону. Але дарога неймаверна цяжкая, а Фрода слабее. Пярсьцёнак спакушае ўсіх, хто яго носіць, і часу ў Фрода ўсё менш. Ці змогуць Сэм і Фрода дамагчыся посьпеху, або Цёмны Валадар зноў будзе панаваць над Серадзем’ем?» — так прадстаўляе сваю навінку выдавецтва «Янушкевіч».
Беларуская кнігарня “Кнігаўка” ў Варшаве
«Папяровы Голем» Бахарэвіча
Гэта ляканічныя і выразныя, злосныя і правакацыйныя, мэлянхалічныя і крытычныя тэксты
Альгерда Бахарэвіча,
напісаныя на эміграцыі і выдадзеныя «Янушкевічам».
Голем — мітычны пэрсанаж габрэйскага фальклёру, істота, зьлепленая з гліны. У Бібліі ён згадваецца аднойчы і азначае літаральна «бясформенная маса» ці «недавершаная субстанцыя». У новай кнізе Бахарэвіч параўноўвае сябе з папяровым големам.
«Мой голем таксама ёсьць незавершаным праектам чалавека, у якім ролю гліны выконвае папера — то бок кнігі, літаратура, тэксты, пісьмовае слова. Літаратура цяпер у заняпадзе, яе роля і вага ўвесь час зьмяншаюцца, але менавіта яна сфармавала маё мысьленьне, мяне як асобу і мае каштоўнасьці. Голем быў створаны, каб бараніць гнаны народ, але голем можа і нашкодзіць, і забіць, ён не чалавек, ён па-за маральлю. Голем няшчасны празь веліч аўтарскай задумы — гэта страшны экспэрымэнт зь непрадказальным вынікам, гэта папярэджаньне, сыгнал трывогі. І — чыстае чарадзейства», — казаў Бахарэвіч з нагоды выхаду сваёй новай кнігі.
«Час пустазельля» Янкуты
Кніга паказвае сьвет вачыма беларускі, якая апынулася на вымушанай эміграцыі. «Час пустазельля» пісаўся ў Варшаве і іншых гарадах вясной і летам 2022 году. Гэта спроба асэнсаваць бясчасьсе, у якім апынуліся беларусы пасьля 2020 году. Кніга складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражаньняў, захапленьняў і ўспамінаў.
«Увогуле назву прыдумала ня я, а Ёанна Бернатовіч, перакладчыца беларускай літаратуры на польскую мову... У адной частак кнігі вядзецца пра тое, што пакуль мы жывём за мяжой, нашы сады і клюмбы зарастаюць пустазельлем, пра іх больш няма каму клапаціцца. І ў той жа час пустазельле для мяне не адмоўны вобраз. Гэта вельмі жывучыя расьліны, якія першымі асвойваюць апусьцелыя абшары... Таму пустазельле тут — яшчэ і пра нашу ўпартасьць і трываласьць, здольнасьць „прарасьці“ нават у самых неспрыяльных умовах», —
казала пра сваю кнігу Ганна.
Нядаўна за «Час пустазельля»
Ганну Янкуту ўзнагародзілі прэміяй імя Алеся Адамовіча. Пра кнігу Ганны вельмі прыязна выказалася нобэлеўская ляўрэатка
Сьвятлана Алексіевіч.
«Зэлменяне» Кульбака
Праскае выдавецтва «Вясна» завяршае выданьне поўнага збору твораў Мойшэ Кульбака культавым менскім раманам клясыка літаратуры на ідышы. Першы пераклад пад назвай «Зельманцы» зрабіў Віталь Вольскі ў 1960 годзе, але з прычын, якія не залежалі ад перакладчыка, ён быў на чвэрць скарочаны. Сёлета выйшаў поўны пераклад зь ідышу Сяргея Шупы.
«Гэта самы значны раман, напісаны ў Беларусі ў 1930-я гады ХХ стагодзьдзя. Кніга апісвае штодзённыя клопаты вялікай габрэйскай сям’і ў Менску, якую разьдзірае новая савецкая рэчаіснасьць. Чатыры пакаленьні сям’і адлюстраваныя ў захапляльных і часта гратэскавых дэталях», — кажа перакладчык Сяргей Шупа.
«Туўла» Кунчынаса
У 2024-м выдавецтва «Вясна» таксама працягнула сваю вялікую літоўскую сэрыю сучасных клясыкаў.
«Мы выдалі самы „шчымлівы“ віленскі раман Юргіса Кунчынаса „Туўла“. Кніжка бярэ за душу: усім раю, асабліва тым, хто жыве ў Вільні. Яна вельмі тапаграфічная, там ёсьць мапы, можна хадзіць і за падзеямі рамана сачыць на мясцовасьці, бачыць, дзе што адбывалася і як яно выглядае сёньня», — кажа выдавец Сяргей Шупа.
«Чырвоны крыж» Філіпенкі
Гэта ўжо трэцяя кніга Філіпенкі,
выдадзеная кракаўскім выдавецтвам «Гутэнбэрг» па-беларуску.
Раней на беларускай мове выйшлі ягоныя раманы «Былы сын» і «Крэмулятар».
У «Чырвоным крыжы» два галоўныя героі: 30-гадовы мужчына, футбольны арбітар, і інтэлігентная дама ва ўзросьце 91 году, якая перажыла і Вялікую Айчынную, і лягеры. Героі размаўляюць пра пачатак вайны, пра тое, як складаліся лёсы ваеннапалонных, пра дзейнасьць Чырвонага Крыжа і рэакцыю савецкага ўраду на яе.
Працуючы над раманам, аўтар знайшоў шмат дакумэнтаў Народнага камісарыяту замежных справаў, правёў сваё расьсьледаваньне.
«Я ўсё ж не дакумэнталіст, а мастацкія кнігі пішу... І зноў пішу кнігу пра сучаснасьць, пабудаваную на рэальных падзеях», — апавядаў пра сваю кнігу сам аўтар.
«Самы цымус» Белага
Яшчэ ў 2007 годзе Алесь Белы пачаў пісаць нарысы для «Нашай нівы» пад рубрыкай «Наша страва». Толькі праз 10 гадоў прыйшла ідэя напісаць пра гэта кнігу.
«Самы цымус» складаецца з 15 нарысаў і некалькіх дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў ад знаўцы беларуска-габрэйскай гістарычнай кухні
Алеся Белага. Аўтарскія ілюстрацыі Юрыя Таўбкіна.
«Гэтая кніга ня толькі пра стравы, а яшчэ і пра людзей, нават найперш пра людзей», —
сьцьвярджае аўтар.
«Дзікае паляваньне караля Стаха» — арт-выданьне
Гэта кніга вершаў паэта і перакладчыка
Андрэя Хадановіча, напісаных да аднайменнай опэры паводле твора Ўладзімера Караткевіча.
Летась кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін паставіў у Лёндане опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле Караткевіча. Музыку напісала кампазытарка Вольга Падгайская, а лібрэта — Андрэй Хадановіч. Паэт ператварыў прозу Караткевіча ў вершы, якія можна сьпяваць ці прамаўляць.
«Вельмі прыгожыя ілюстрацыі да гэтай кнігі зробленыя мастачкай Ганнай Касьпяровіч. Гэта перадкалядны падарунак беларусам, якім хочацца мець да сьвята штосьці вельмі настраёвае», — запэўнівае заснавальніца выдавецтва «Гутэнбэрг» Валянціна Андрэева.
Фотаальбом «Экспэдыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году. Захаваная спадчына»
Экспэдыцыя Вацлава Ластоўскага на Мазыршчыну адбылася напярэдадні калектывізацыі і індустрыялізацыі, якія проста «зьмялі» традыцыйную беларускую культуру ў вёсцы. Ластоўскі пасьпеў зафіксаваць тую старую культуру, расказвае Ігар Іваноў зь лёнданскага выдавецтва «Скарына».
«Мы мяркуем, усяго было 4 фотаальбомы, створаныя падчас экспэдыцыі. Доўгі час лічылася, што яны ўсе загінулі. Калі прафэсар Адам Мальдзіс у 1982 годзе прыехаў у Лёндан па стыпэндыі UNESCO, яму паказалі адзін шыкоўны фотаальбом, ён проста ня мог паверыць сваім вачам, што хоць нейкая частка гэтай экспэдыцыі захавалася. Сёлета ў нас атрымалася перазьняць усе здымкі, напісаць якасны артыкул, пераасэнсаваць спадчыну гэтай экспэдыцыі. І выйшаў шыкоўны альбом», — кажа спадар Іваноў.
«Гід па фэмінізацыі беларускай мовы»
Слоўнік фэмінітываў Уладзіслава Гарбацкага ўпершыню выходзіў у 2016 годзе, ён цалкам распрадаўся. А сам Уладзіслаў Гарбацкі абараніў дысэртацыю па тэме фэмінізацыі ў беларускай мове ў Варшаўскім унівэрсытэце.
«Мы сёлета выдалі манаграфію ягонай дысэртацыі, і зьявілася другое выданьне ягонага гіда па фэмінізацыі, пашыранае і дапоўненае. І прадстаўлялі абодва выданьні на фэстывалі „Прадмова“ і ў Бэрліне, і ў Варшаве, і ў Познані», — расказвае выдавец Ігар Іваноў.
«Кніга могілак. Беларускія пахаваньні ў сьвеце»
Беластоцкі «Камунікат» прадстаўляе сярод сёлетніх навінак
унікальнае выданьне. Аўтары — гісторык Натальля Гардзіенка і архівіст, дасьледчык эміграцыі Лявон Юрэвіч. Матэрыялы двое вядомых беларускіх навукоўцаў зьбіралі з дапамогай іншых людзей каля 30 гадоў. Яны аб’езьдзілі могілкі суродзічаў у Аўстраліі, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі, ЗША, Канадзе і іншых краінах. Гэта першы альбом-даведнік пра пахаваньні беларусаў за мяжой.
Выданьне багата ілюстраванае — у ім некалькі дзясяткаў фатаздымкаў.
«Бліндаж» і «Афганец» Васіля Быкава
«Бліндаж» праляжаў у архіве пісьменьніка амаль дваццаць гадоў. Быкаў тройчы вяртаўся да аповесьці, але так і не завяршыў яе. У такім выглядзе «Бліндаж» быў упершыню надрукаваны ў канцы 2006 году ў часопісе «Дзеяслоў». Той нумар адразу стаў рарытэтам.
«Афганец» быў напісаны ў 1998 годзе. У цэнтры аповеду — былы «афганец» Ступак, які за выкананьне «інтэрнацыянальнага абавязку» быў узнагароджаны мэдалём. Герой прачынаецца ў сваім гаражы (куды вымушаны перасяліцца, калі жонка аказалася нявернаю, і дзе жыве колькі месяцаў, прадаўшы аўтамабіль, страціўшы працу, з адбітымі ныркамі пасьля выпадкова наведанага мітынгу і пасьля няўдалай спробы суіцыду) і нечакана вырашае, што адзінае выйсьце для яго — забіць Самога... Чаму ж ня стрэліў «афганец»?..
«Апостраф» — літаратурна-мастацкі альманах, які зьявіўся замест «Дзеяслова»
У першым нумары «Апострафа» публікуюцца аповесьць Алеся Пашкевіча «Цясьляр волі» (пра Алеся Гаруна); аповесьці Ўладзімера Сьцяпана, Іны Снарскай; апавяданьні Валера Гапеева, Алены Вештарт, Алега Дашкевіча; вершы Насты Кудасавай, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Дуброўскага, Аксаны Данільчык; фрэскі Барыса Пятровіча; пераклады Артура Бартэльса ад Віктара Гардзея, Фёдара Цютчава ад Міколы Гіля, Міхаіла Шлейхера ад Зьмітра Вішнёва; ліставаньне Васіля Быкава зь сястрой Валянцінай ды шмат іншых цікавостак.
«Гіброіды» Сяргея Прылуцкага
У выдавецтве «Мяне няма» выйшла кніга паэзіі Сяргея Прылуцкага, які нарадзіўся ў Берасьці, а з канца «нулявых» жыве ва Ўкраіне.
«Сяргей Прылуцкі перажыў расейскую акупацыю Бучы. Кніжка складалася яшчэ да вайны. Але яна кранае прадчуваньнем хуткага «трындзяца». І адвечнай асалодай супрацьстаяньня.
Гэта не зусім тыпова для нашага выдавецтва — кніга вершаў, бо мы ў прынцыпе робім найбольш прозу, і прозу з ухілам у аўтабіяграфічнасьць, і гэта мы называем «постфікшнам», — расказвае заснавальнік выдавецтва Павал Анціпаў.
«Варшава» Казлова
Пісьменьнік Уладзімер Казлоў родам з Магілёва, жыў доўгі час у Маскве.
«Шмат хто яго, можа, не ўспрымаў беларусам. Але мэта наша — вяртаць у беларускую літаратуру беларускіх пісьменьнікаў і паказваць, што яны пішуць. Насамрэч раман „Варшава“ — пра Менск 1990-х гадоў. Аповед ідзе ад імя студэнта, які вучыцца ў Менску і езьдзіць у Варшаву, каб неяк зарабіць», — кажа выдавец Павал Анціпаў.
«Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ» Заміроўскай
Пісьменьніца Тацяна Заміроўская родам з Барысава, з 2015 году жыве ў Нью-Ёрку. Гэта зборнік эсэ, якія аўтарка пісала з 2015 па 2024 год, успаміны і развагі пра памяць і забыцьцё, музыку і каханьне, эміграцыю і сувязі зь Беларусьсю.
«Гэта першая яе кніжка „нон-фікшн“, немастацкай прозы. Раней у Тацяны выходзілі раман-бэстсэлер „Смерти.net“ і кніга апавяданьняў у жанры мэтафізычнай фантастыкі», — кажа выдавец Павал Анціпаў.
«Іліяда» Гамэра
У выдавецтве «Polackija Labirynty», якое цяпер
выпускае беларускія кнігі ў Польшчы, выйшла другое выданьне поўнага перакладу эпічнай паэмы Гамэра «Іліяда».
Першае выданьне ў дзьвюх кнігах пабачыла сьвет у менскім выдавецтве «Энцыклапедыкс» у красавіку і чэрвені 2024 году. Цяпер поўны тэкст «Іліяды» разам з камэнтарамі, зьмешчанымі ў зносках, слоўнікамі, сьпісам дадатковых крыніц зьвярстаны ў адну кнігу пад цьвёрдай вокладкай.
«Зэкамэрон. Вершы. Гутаркі» Знака
Турэмныя дзёньнікі палітвязьня Максіма Знака выйшлі нарэшце па-беларуску. Тэксты зборніка ствараліся ў першы год утрыманьня вядомага адваката ў СІЗА, калі і творчасьць за кратамі, і перадача рукапісаў былі яшчэ магчымыя. Частка твораў публікуецца ўпершыню.
«Я раблю гэтую працу — выданьне кніг — для тых і за тых, хто сёньня ня можа гэтага зрабіць (Алесь Бяляцкі, Максім Знак). Кнігі даюць голас тым, хто сядзіць у турме. Тонкі гумар, іронія, дасьціпнасьць, зь якой палітвязень Максім Знак апісвае турэмны побыт, выклікаюць у чытача ня толькі ўсьмешку, але і выбухі сьмеху, хаця сьмешнага ў той сытуацыі мала. Гэтая кніга — голас Максіма Знака, адваката і літаратара, які амаль два гады знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада», — расказвае старшыня беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай.
«Залатое» Кучмель
Кнігі беларускага жаночага выдавецтва «Пфляўмбаўм» адзначаюцца вытанчаным паліграфічным выкананьнем. Галоўная рэдактарка выдавецтва Алена Казлова мяркуе, што Наталка Кучмель — неймаверная паэтка: яна піша так, як ужо ніхто ня піша.
«Так пісалі „старыя майстры“. Вы ня знойдзеце ў яе вершах ніякай рэакцыі на актуальныя падзеі ў сьвеце, але вы знойдзеце там вечнасьць. Гэта тэксты, у якіх вы ўбачыце колеры і тэкстуры, напрыклад, вечаровага горада.
Паэтка сказала, што ўжо больш нічога не напіша. Я да яе прыехала, і мы разам паглядзелі, што ў яе ёсьць, у старых часопісных і газэтных публікацыях. Самы вядомы верш з адзінага яе зборніка „Імгненьні“ — „Залатое на сінім“. Маё суб’ектыўнае перакананьне, што так мусіла называцца яе першая кніга амаль 20 гадоў таму. Але мы ўжо не маглі назваць сваю кнігу так, цяпер яна называецца „Залатое“. А „Залатое на сінім“ зашыфравана ў дызайне вокладкі», — дзеліцца Алена Казлова.
Пры вырабе кнігі была выкарыстаная залатая фольга, выглядае яна вельмі незвычайна.
«Запаленыя сьвечкі» Шагал
Галоўная рэдактарка выдавецтва «Пфляўмбаўм» была пад вялікім уражаньнем, калі перакладчык зь ідыш Ігар Крэбс паказаў ёй гэтую кнігу.
«Мы ведаем Бэлу як музу Марка Шагала, але наколькі яна была цудоўная, моцная пісьменьніца, мы ня мелі ніякага ўяўленьня! Кніга гэтая пра стары Віцебск, пра тое, як Бэла сустрэлася з Маркам Шагалам, пра пачатак іхных пачуцьцяў, пра каханьне, пра тагачасны побыт».
Кніга выходзіць з чорна-белымі рысункамі Марка Шагала.
Бонус — Аўдыёкнігі 2024 году: Васіль Быкаў, Эндзі Ўір, Льюіс Кэрал, Вольга Вялічка, Аляксандар Чарнуха
Акторка Крысьціна Дробыш, якая актыўна працуе над запісам твораў беларускіх літаратараў, у размове са Свабодай вызначыла наступны топ аўдыёкніг 2024 году:
1. «Ад 2 да 15: мая мама ў турме».
Гэтая кніга Вольгі Вялічкі, на думку Крысьціны Дробыш, — «важны момант дакумэнтацыі дужа важнай тэмы: дзеці палітзьняволеных, дзеці часоў рэпрэсій».
2. «Марсіянін» Эндзі Ўіра
Усясьветны бэстсэлер, які ўдалося выпусьціць адразу ў трох фарматах — электронным, папяровым і аўдыёфармаце.
3. Шэсьць кніг Васіля Быкава
Раней іх немагчыма было паслухаць па-беларуску. Запісаныя вэрсіі — без цэнзурных правак: «Доўгая дарога дадому», «Мёртвым не баліць», «Дажыць да сьвітаньня», «Альпійская баляда», «Воўчая зграя», «Знак бяды».
4. «Сьвіньні» Аляксандра Чарнухі
Гэта беларускамоўная вэрсія кнігі, якую акторы Сяргей Чуб, Алег Гарбуз, Андрэй Дробыш і Крысьціна Дробыш зрабілі як аўдыёспэктакль.
5. «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала
Вядомая гісторыя, музыку да якой напісала кампазытарка Вольга Падгайская. Кніга выйшла ў выдавецтве «Кніжны воз».