- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Увосень 1986 года я з сынам гасцяваў у Рызе ў сям’і Візмы Бэлшавіцы; кніга перакладаў яе паэзіі “Белы алень” якраз выйшла ў Мінску. Паездка ў Курзэмэ – у Кулдыгу, Талсы, Тукумс – на радзіму паэтэсы. Страшэнная Візміна крыўда на туман, шэрую імжаку, што вось нічога госць і не пабачыў, а як што і пабачыў, дык яно зусім не тое, не ў яркім святле, не ў бляску хараства, нібыта Латвія ў тумане ўжо і не Латвія. Я разумеў Візмін клопат, як мог суцяшаў яе, -- і тады і нават сёння той туман – самае незабыўнае з успамінаў пра Курзэмэ… Вечарам сабраліся ў Візмы, частаваліся беларускім бальзамам, латышскімі арэхамі і бульбай, спечанай па-латышску, а як аказалася – чыста па-беларуску, а ў нас, палешукоў, яна такая называецца – сухопэрка. І тут мне сын нішчачкам шапнуў: “Глядзі, бацька, такія людзі, такія людзі, а ў саміх пад раялем – яблыкі!” Пад вялікім раялем пасярод пакоя, на голай падлозе, быў высыпаны, ці тое каб абветрыцца, ці тое каб не загнілі, добры кош яблыкаў. Ну і што? А нішто. Людскасць і прастата, шчырая бяседа за сталом, да якога падсеў Клаўс з дачушкай Эвіняй і сынком Мацісам, падсеў не госцем, бо ён Візмін старэйшы сын, а дзеткі – яе ўнукі. Спакваля Эвіня на бацькавых каленях абвыклася з чужымі людзьмі, а і нават крыху пасмялела – і круціцца і круціцца, не вытніся, дзіця, аб кантаваты стол.