- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Лета ў Віцебску блізілася да канца. Удзень сонца прыпякала брук турэмнага двара й заканчвала сваё шэсьце за чырвонымі мурамі суседняга гмаху. З панадворку чуліся крокі вязьняў, што мерна шыбавалі да лазьні, і гукі расейскіх камандаў упомешку з бразгатам ключоў. Калідорны, напяваючы, чытаў газэту, час ад часу складваў яе й падыходзіў да круглага вочка ў дзьвярох. Быццам па знаку, дзьвесьце позіркаў адрываліся ад столі й сыходзіліся на лінзе „вочка”. З-пад цыратовага казырку на нас глядзела вялікае вока й, абабегшы камэру невыразным позіркам, зьнікала пад грукат бляшанае засаўкі. Тры ўдары ботам у дзьверы азначалі: „Рыхтуйцеся да вячэры”. Сыгнал да вячэры перарываў нашую дзённую дрэмку, мы падхопліваліся з цамянтовае падлогі напаўапранутыя. З глінянымі місамі ў рукох чакаючы гарачае вячэрняе баланды, мы адлівалі ў высокі бак абедзенную баланду. Сем ці шэсьць струменьчыкаў сікуноў сутыкаліся ў цэнтры парашы, выгінаючыся, быццам дугі фантану, і віравалі да самага дна, падымаючы ля сьценак шумавіньне. Перш чым зашпіліць нагавіцы, мы няўцямна пазіралі на свае аголеныя пахвіны, сагнуўшыся, як дрэвы на неўраджайных палявых межах. (Частка першая, фрагмэнт)